Таццяна Бранцэвіч: ключавы рэзерв росту эканомікі Гомельскага рэгіёну - актыўная рэалізацыя вытворчых інвестпраектаў
Аб гэтым заявіла 8 жніўня 2024г. намеснік Міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.
Намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства прыняла ўдзел у пасяджэнні аблвыканкама, на якім абмеркавалі вынікі работы эканомікі рэгіёну ў першым паўгоддзі, а таксама прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2025 год.
На думку Таццяны Бранцэвіч, павышэнню прывабнасці і канкурэнтаздольнасці Гомельшчыны ў першую чаргу будзе садзейнічаць стварэнне новых і мадэрнізацыя дзеючых вытворчасцей, рост выпуску інавацыйнай, высокатэхналагічнай прадукцыі.
«Гомельская вобласць мае значныя прыродныя рэсурсы, развіты прамысловы комплекс, кампетэнтных спецыялістаў. На вобласць традыцыйна прыпадае пятая частка аб'ёмаў прамвытворчасці краіны. І менавіта ў прамысловасці сёння ёсць магчымасці атрымаць значны эфект для эканомікі за кошт тэхналагічнага абнаўлення існуючых і стварэння новых вытворчасцей, пашырэння асартыменту, выпуску новых відаў прадукцыі.
З ліпеня ўступіў у сілу абноўлены Закон «Аб інвестыцыях», які ўкараніў дадатковыя механізмы стымулявання вытворчых ініцыятыў у інтарэсах рэгіёнаў. З іх дапамогай будзе нашмат прасцей прасоўваць бізнес-ідэі, заснаваныя на імпартазамяшчэнні і выпуску запатрабаванага на знешніх рынках айчыннага прадукта.
Дарэчы, у мінулым годзе на кітайскі рынак ажыццёўлены першыя пастаўкі прадукцыі Беларускага металургічнага завода, Гомельскага хімзавода, Калінкавіцкага мясакамбіната. Больш актыўна прасоўваць сваю прадукцыю на рынкі дружалюбных краін неабходна і іншым прадпрыемствам вобласці», – адзначыла намеснік міністра эканомікі.