Супрацоўнікі Мінэканомікі прынялі ўдзел у акцыі ў гонар Дня пажылых людзей
Штогод 1 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень пажылых людзей. У гэты дзень мы гаворым словы падзякі людзям старэйшага пакалення за іх шматгадовую добрасумленную працу, неацэнны ўклад у развіццё краіны, выхаванне моладзі.
У адной са шматлікіх акцый, прымеркаваных да гэтай даты, прынялі ўдзел і супрацоўнікі Мінэканомікі. Эканамісты наведалі сёння тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Мінска, каб павіншаваць жыхароў раёна з гэтым святам, а таксама ўшаноўваць доўгажыхароў, якія адзначылі сёлета свой стогадовы юбілей. У Маскоўскім раёне іх 8 чалавек.
«Асновай сучасных эканамічных і сацыяльных дасягненняў служыць ваша плённая праца на карысць Беларусі. Вы - наш гонар і апора, захавальнікі маральных каштоўнасцяў і традыцый, надзейныя памагатыя для родных і блізкіх.
Радасна бачыць, што людзі "залатога ўзросту" працягваюць актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, дзеляцца з моладдзю сваімі ведамі і вопытам, уносяць важкі ўклад ва ўмацаванне адзінства і стварэнне лепшай будучыні нашай краіны", - адзначыў у сваім віншаванні Міністр эканомікі Юрый Чабатар.
Калегі пажадалі пажылым людзям моцнага здароўя, бадзёрасці духу, актыўнага даўгалецця і дабрабыту.