Галоўная / Навiны

Юрый Чабатар: створаны неабходны задзел для паспяховага старту будучай пяцігодкі

17/10
 

Аб гэтым заявіў сёння, 17 кастрычніка 2024 г., Міністр эканомікі Юрый Чабатар падчас панэльнай дыскусіі на юбілейнай XXV Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця».

Удзел у мерапрыемстве прынялі кіраўнікі органаў дзяржкіравання, беларускія і замежныя вучоныя-эканамісты, эксперты-практыкі, прадстаўнікі дзелавых колаў. Увазе ўдзельнікаў былі прадстаўлены палажэнні праекта Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2040 года. Таксама на дыскусійных пляцоўках абмяркоўваліся прыярытэты і механізмы дзяржаўнага рэгулявання ўстойлівага развіцця ў новай геапалітычнай і геаэканамічнай рэальнасці.

Як адзначыў Юрый Чабатар, Беларусь уступае ў новы прагнозны цыкл, зыходным пунктам якога з'яўляецца праект НСУР-2040. За мінулы перыяд праведзена вялікая работа па стварэнню неабходных задзелаў для паспяховага старту будучай пяцігодкі.

«Па-першае, узмоцнены навукова-тэхнічны і галіновы складнік сістэмы прагнозных і планавых дакументаў. У яе ўключаны Комплексны прагноз навукова-тэхнічнага прагрэсу на 20 гадоў, дзяржпраграмы навуковых даследаванняў і навукова-тэхнічныя праграмы. Яе неад'емнай часткай таксама стануць стратэгіі развіцця відаў эканамічнай дзейнасці на 10-гадовы перыяд.

Па-другое, створаны важкі істытуцыянальны задзел па шэрагу напрамкаў – ад інвестыцыйнай сферы, фіназдараўлення прадпрыемстваў і пераарыентацыі экспарту да рэформы прадпрымальніцкай дзейнасці.

Па-трэцяе, рэалізаваны шэраг знакавых для нашай краіны інвестпраектаў. Размова ідзе, у прыватнасці, аб БелАЭС, Петрыкаўскім ГАК, ЗАТ «БНБК» і многіх іншых прадпрыемствах, якія фарміруюць сёння прывабнае высокатэхналагічнае аблічча Беларусі.

Больш за тое, інвестыцыйная праца працягваецца. Сфарміраваны і рэалізуюцца партфелі бізнес-ідэй, якія забяспечваюць вырашэнне задач тэхналагічнай бяспекі, імпартазамяшчэння, рэгіянальнага развіцця.

Усё гэта дасць магчымасць забяспечыць у наступным пяцігоддзі апераджальную дынаміку і дасягненне амбіцыйных мэт сацыяльна-эканамічнага развіцця», – падкрэсліў Міністр эканомікі.

Тэгі