Галоўная / Навiны

Юрый Чабатар: Беларусь нацэлена на пашырэнне гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Рэспублікай Саха (Якуція)

06/08
 

Аб гэтым заявіў Міністр эканомікі Юрый Чабатар падчас пасяджэння Рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з Рэспублікай Саха (Якуція) Расійскай Федэрацыі, якое адбылося сёння, 6 жніўня 2024 г., у вочным фармаце ў г. Якуцк.

У мерапрыемстве пад сустаршынёй Міністра эканомікі Беларусі Юрыя Чабатара і Першага намесніка Старшыні Урада Рэспублікі Саха (Якуція) Джулустана Барысава прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінэканомікі, Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, кіраўнікі і вядучыя спецыялісты айчынных прадпрыемстваў, адміністрацый свабодных эканамічных зон.

У сваім выступленні Юрый Чабатар асабліва адзначыў, што за 27 гадоў прадуктыўнага ўзаемадзеяння сфарміраваліся трывалыя сувязі паміж Беларуссю і Якуціяй. А мінулы год стаў адным з самых паспяховых у гісторыі нашага супрацоўніцтва: узаемнае знешнегандлёвае абарачэнне па выніках 2023-га падвоілася. Разам з тым, наменклатура продажаў пакуль параўнальна невялікая, і Беларусь гатова яе пашыраць.

 «У сферы прамысловасці нашыя прадпрыемствы зацікаўлены ў павелічэнні паставак пагрузчыкаў, трактароў, кар'ерных самазвалаў.

Мы бачым вялікі патэнцыял у развіцці супрацоўніцтва ў нафтахіміі, фармацэўтыцы, будаўніцтве, гатовы нарошчваць пастаўкі кабельнай прадукцыі і абсталявання для мадэрнізацыі электраэнергетычнай сістэмы рэгіёну.

Прапануем таксама актывізаваць узаемадзеянне ў галіне сельскай гаспадаркі – за кошт экспарту не толькі гатовай прадукцыі, але і тэхналогій яе вытворчасці і перапрацоўкі.

І, вядома ж, асаблівую значнасць у бягучых умовах мае развіццё прамысловай кааперацыі і ўзмацненне інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Беларускія вытворцы са свайго боку зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з бізнесам Рэспублікі Саха. Дзейныя механізмы стымулявання змяшчае наш абноўлены Закон «Аб інвестыцыях».

Акрамя таго, з красавіка сфарміраваны і рэалізуецца сумесны Комплекс мерапрыемстваў па стымуляванні інвестыцыйнай актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Гэта таксама спросціць і паскорыць рэалізацыю сумесных вытворчых ініцыятыў», – падкрэсліў Міністр эканомікі.

Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі выкананне дамоўленасцей, дасягнутых на папярэднэем пасяджэннi рабочай групы, а таксама магчымасці пашырэння ўзаемадзеяння бакоў па розных напрамках – ад прамысловасці і АПК да спорту, турызму і гуманітарнай сферы.

Напрыканцы пасяджэння ў прысутнасці Юрыя Чабатара і Джулустана Барысава адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і Саюзам «Гандлёва-прамысловая палата Рэспублікі Саха (Якуція)».

Тэгі