Андрэй Картун: беларуская эканоміка функцыянуе ў нармальным «тэмпературным рэжыме»
Аб гэтым заявіў Першы намеснік Міністра эканомікі Андрэй Картун у апублікаваным сёння інтэрв'ю газеце «Рэспублiка».
Значны фрагмент гутаркі тычыўся актыўна абмяркоўваемага ў апошні час рознымі аналітыкамі і экспертамі пытання «перагрэву» эканомікі і звязаных з гэтым рызык.
Як адзначыў Першы намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства, для аб'ектыўных ацэнак неабходна комплексна аналізаваць усе макраэканамічныя паказчыкі.
«У Міністэрстве эканомікі мы за гэтым увесь час сочым. Створана так званая цеплавая карта эканомікі. Яе фарміруем зыходзячы з 19 паказчыкаў, якія вызначаюць розныя характарыстыкі попыту: аб'ёмы выдачы новых крэдытаў, запазычанасць, у тым ліку і фізічных асоб, рост даходаў насельніцтва, колькасць занятых у эканоміцы, прадукцыйнасць працы…
Так, сёння рост эканомікі ў 5 працэнтаў вышэйшы за сярэднія паказчыкі папярэдніх гадоў. Але ці сведчыць гэта аб перагрэве? Лічым, што не.
Справа ў тым, што загрузка вытворчых магутнасцей у Беларусі не дасягнула 80 працэнтаў. Калі б яны працавалі на поўную сілу (гэты варыянт пралічвалі), то ВУП павялічваўся б на 9–10 працэнтаў у гадавым вылічэнні. Таму 5 працэнтаў з пункту гледжання вытворчых магчымасцей – выкарыстанне нашага патэнцыялу без залішняга перанапружання. Нізкі ўзровень беспрацоўя абумоўлены ўжо не столькі эканамічнымі, колькі дэмаграфічнымі прычынамі. І многія краіны сёння жывуць ва ўмовах дэфіцыту працоўнай сілы», – растлумачыў Андрэй Картун.
Першы намеснік міністра эканомікі таксама пракаментаваў інфармацыю аб апераджальным дынаміку ВУП росце рэальных зарплат і даходаў насельніцтва, падкрэсліўшы неабходнасць улічваць наступны нюанс.
«Па-першае, калі казаць аб заработнай плаце, то разам з яе ростам зніжаецца і колькасць занятых у эканоміцы па аб'ектыўных прычынах. У выніку выдаткі працы ў сабекошце прадукцыі трымаюцца на ўзроўні каля 22 працэнтаў ужо доўгі час.
Мы праводзілі даследаванне ўплыву сучаснага росту заробку на эканоміку. Нагадаю, што ў 2021-2022 гадах назіралася, наадварот, зніжэнне і намінальных, і рэальных даходаў грамадзян. Калі дынаміку заробкаў выказаць у вартасным эквіваленце, то за 2023–2024 гады яе аб'ём павялічыўся больш чым на 4 мільярды рублёў. І гэта супастаўна са зніжэннем даходаў у папярэднія гады. Па сутнасці, мы толькі падышлі да завяршэння кампенсацыйнага росту фонду аплаты працы.
Таму ў цэлым сёння беларуская эканоміка функцыянуе ў нармальным «тэмпературным рэжыме». І для далейшага дынамічнага і ўстойлівага росту неабходна запускаць чарговы віток інвестыцыйнага цыклу, нацэленага на апераджальнае развіццё», - рэзюмаваў Андрэй Картун.
Поўную версію інтэрв'ю чытайце ў свежым нумары газеты "Рэспублiка".