Алеся Абраменка: Беларусь зацікаўлена ва ўмацаванні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Інгушэціяй
Аб гэтым заявіла сёння, 12 снежня 2024 года, намеснік Міністра эканомікі Алеся Абраменка на сустрэчы з дэлегацыяй Рэспублікі Інгушэція на чале з намеснікам Старшыні Урада Юсупам Зурабавым.
Паводле слоў Алесі Абраменкі, ёсць значныя рэзервы для актывізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння.
«У першую чаргу, вялікі патэнцыял бачым у машынабудаванні. Нашы прадпрыемствы гатовы павялічваць пастаўкі тэхнікі ў рэгіён і забяспечваць яе сэрвіснае суправаджэнне.
Мы зацікаўлены больш актыўна ўзаемадзейнічаць у сферы грузаперавозак. Транзітны калідор праз Інгушэцію дазволіць нарасціць перавозкі беларускіх тавараў у напрамку Ірана, Азербайджана і Грузіі.
І, вядома ж, асаблівую значнасць у бягучых умовах маюць ініцыятывы ў сферы турызму.
Усе гэтыя прапановы падмацаваныя наяўнымі ў нас магчымасцямі», – заявіла намесніца кіраўніка эканамічнага ведамства.
Са свайго боку Юсуп Зурабаў выказаў зацікаўленасць у падрыхтоўцы на базе беларускіх ВНУ маладых спецыялістаў для патрэб эканомікі рэгіёну і ў адкрыцці беларускіх гандлёвых дамоў на тэрыторыі Рэспублікі.
А таксама прапанаваў стварыць на тэрыторыі Інгушэціі сумесную вытворчасць мэблі з мясцовай сыравіны.
Бакі абмяняліся інфармацыяй аб умовах вядзення бізнесу ў Беларусі і
Інгушэціі, магчымасцях для прыцягнення інвестыцый, падтрымцы малога і сярэдняга
прадпрымальніцтва.